КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.
Літ.:
Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.
т. 8, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)